ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́.

Пашыраны ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных паясах паміж 25° паўн. ш. і 30° паўд. ш. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення, выражанасці і працягласці сухога сезона адрозніваюць Т.Л.: вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы; паўвечназялёныя або паўлістападныя сухія (да 40 м вышыня дрэвастою, багаты фларыстычны склад, у т. л. ліяны і эпіфіты, часам з выражаным лістападам і ўзнаўленнем лісця; у тропіках Азіі наз. мусоннымі лясамі); лістападныя светлыя ў трапічных раёнах Індакітая з выражаным сухім сезонам (дыптэракарп бугрысты, пентакмэ сіямская, тэрміналія лямцавая, на бедных глебах хваёвыя лясы); горныя — на схілах гор вышэй за 800 м у паласе кандэнсацыі туманаў — нефелагілеі (вечназялёныя з дрэвападобнымі папарацямі, некат. хвойнымі і араўкарыямі), вышэй за 2000 м — імшыстыя і нізкарослыя з сям. лаўровых, букавых, верасковых (у лясах Гімалаяў і Кітая шмат дрэвападобных рададэндранаў, эпіфітных імхоў). З-за падабенства да лясоў умераных шырот горныя Т.л. наз. субтрапічнымі. Т.л. даюць шмат каштоўнай прадукцыі і драўніны (каўчуканосы, гваздзіковае, цікавае, салавае дрэвы і інш.).

т. 15, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)